Некампетэнтна і бессаромна!
Нагадаю, што некалькі настаўніц малодшых класаў звярнуліся да мяне з просьбай пракаменціраваць матэрыял, надрукаваны ў чацвёртым і пятым нумарах дзіцячага часопіса «Вясёлка». Мой каментарый на матэрыял чацвёртага нумара ўжо зявіўся ў «Царкоўным слове». Цяпер пагаворым пра тое, што надрукавана ў пятым нумары «Вясёлкі».
Дык вось, адкрываем часопіс на с. 11 і бачым выразныя постаці праваслаўных манахаў на фоне будынкаў віленскага Свята-Троіцкага манастыра. У вусны аднаго з манахаў укладзены словы: «Прывітанне! Мы — манахі-ўніяты!». Як відаць з кантэкста, маюцца на ўвазе манахі-ўніяты XVIII стагоддзя, якія выдалі ў 1767 годзе ў Вільні буквар. Але яны выглядалі зусім інакш! А тут на здымку — сучасныя праваслаўныя манахі. Што гэта? Па-першае, некампетэнтнасць, у выніку якой чытачы «Вясёлкі» ўведзены ў зман. Па-другое, гэта яшчэ і абраза праваслаўных манахаў. Чаму? Таму што гісторыя ўніяцтва на Беларусі пачалася з праклёнаў уніятамі праваслаўнага духавенства і народа.
Пастараюся коратка нагадаць, як гэта было. Польскі кароль Жыгімонт III 14 чэрвеня 1596 года пісьмова паведаміў, што дазваляе мітрапаліту Кіеўскаму Міхаілу правесці ў Брэсце царкоўны сабор, які павінен прыняць унію. Хачу спецыяльна падкрэсліць, што сабор склікаўся не для свабоднага абмеркавання пытання пра унію, прымаць яе ці не прымаць, а толькі для таго, каб абавязкова прыняць унію. Больш таго, у тэксце каралеўскай граматы было ясна сказана, што на саборы будуць прысутнічаць рыма-католікі і тыя прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, якія заявілі пра сваю гатоўнасць прыняць унію, а іншых на сабор не трэба пускаць.
Мітрапаліт паведаміў духавенству і праваслаўнаму народу, што сабор адбудзецца 6-га кастрычніка. У Брэст з’ехалася шмат духавенства і народу. На унію згадзіліся толькі дзевяць чалавек. Іх і пусцілі ў царкву св. Мікалая, дзе павінен быў адбыцца сабор. Усё астатняе праваслаўнае духавенства, больш як 200 асоб, і вялікае мноства праваслаўнага народу вымушаны былі сабрацца асобна. Такім чынам, адбыліся два саборы: адзін сабор з 9 чалавек духавенства прыняў унію, другі сабор з больш як дзвюма сотнямі духавенства асудзіў унію. I вось на пяты дзень сваіх пасяджэнняў, 10 кастрычніка, той сабор, што прыняў унію, выдаў саборную грамату, у якой былі пералічаны галоўныя ўдзельнікі праваслаўнага сабора, які асудзіў унію, і пра іх сказана так: «Тыя ўсе няхай будуць праклятыя... А калі хто прызнае іх епіскапамі альбо прасвітарамі, то, паколькі яны выклятыя намі, той і сам няхай будзе пракляты і дом яго ад Айца, і Сына, і Святога Духа». У дачыненні да некаторых удзельнікаў праваслаўнага сабора, напрыклад, епіскапа Львоўскага Гедэона Балабана і архімандрыта Кіева-Пячэрскай лаўры Нікіфара Тура, 9 кастрычніка ўніяцкім саборам былі прыняты персанальныя пастановы з праклёнамі, і адпаведныя граматы былі накіраваны ў адрас кожнага з іх. Праклён у імя Божае — ці такое магчыма? I гэта па-хрысціянску?!
Каненешне, не. Але менавіта такія людзі прынялі унію. Яны сумесна і абдумана сфармулявалі гэты тэкст: праклён у адрас праваслаўнага духавенства і ўсяго народа, які не хацеў уніі! Вось якім духам злобы і нянавісці да сваіх калег, якія не пайшлі за імі ў унію, і да свайго народа былі апанаваны ўніяты з самага пачатку свайго з’яўлення. А што было далей, скажу словамі беларускага пісьменніка Кастуся Тарасава (1940-2010): «Нежаданне уніі выказалі шырокія пласты насельніцтва, церпячы за сваю стойкасць пакуты. Гісторыя сцвярджэння уніі ведае сотні і сотні прыкладаў, калі праціўнікаў яе тапілі, стралялі, збівалі да паўсмерці, адымалі храмы, ператвараючы іх ва ўніяцкія, калі супярэчнікаў уніі катавалі, як крымінальных злачынцаў» («Гонар»).
Як можна, ведаючы ўсё гэта, узяць фотаздымкі праваслаўнага духавенства і абазваць яго ўніятамі?! А ўрэшце, як увогуле можна ўзяць чые-колечы здымкі і без дазволу надрукаваць іх у часопісе? Што тут скажаш — і беззаконна, і непрафесійна, і проста непрыстойна! Канешне, тут можна з поўнай упэўненасцю паўтарыць словы Госпада Іісуса, якія Ён сказаў пра Сваіх распінацеляў: «Ойча, прабач ім, бо яны не ведаюць, што робяць». Але разам з тым няведанне законаў не пазбаўляе, як вядома, ад юрыдычнай адказнасці. Заўважу, што ў якасці «манахаў-уніятаў» на сс. 12-13 змешчаны буйным планам фотаздымкі сусветна вядомых праваслаўных іерархаў: на с. 13 стаяць Высокапраасвяшчэннейшы Яўгеній, Мітрапаліт Талінскі і Эстонскі, які ўзначальвае Праваслаўную Царкву Эстоніі, і Высокапраасвяшчэннейшы Феагност, архіепіскап Сергіева-Пасадскі, які кіруе галоўным манастыром Рускай Праваслаўнай Царквы — Троіца-Сергіевай Лаўрай, а на с. 12 — Свяцейшы Ірыней, Патрыярх Сербскі. Вось вам і «манахі-ўніяты»! Вось як працуюць журналісты «Вясёлкі» — некампетэнтна і бессаромна!
Не магу не звярнуць увагу на яшчэ адну недарэчнасць. На с. 11 адзін з манахаў прамаўляе: «Першым айчынным выданнем буквара з’яўляецца віленскае выданне 1767 г. I гэта самы старажытны айчынны буквар». I зноў няпраўда. Зноў бедных дзетак, чытачоў «Вясёлкі», журналісты падманваюць. Так і хочацца сказаць: не, дарагія дзеткі, не ў 1767, а значна раней — у 1618 годзе выйшаў першы айчынны буквар. Амаль на паўтара стагоддзя памыліліся дарослыя дзядзькі і цёткі! I выдалі гэты першы айчынны буквар не ўніяты, а нашы праваслаўныя людзі — брацтва пры Віленскім Свята-Духавым праваслаўным манастыры, якое мела сваю друкарню ў Еўі.
Будзем цвёрда памятаць. што менавіта Праваслаўная Царква, якая вядзе свой пачатак на нашай зямлі з X стагоддзя, дала нашаму народу кнігу, школу, асвету. І было гэта за шэсць стагоддзяў да таго, як з’явілася унія, якая прынесла нашаму народу незлічоныя беды і пакуты.
А ў заключэнне хачу сказаць журналістам «Вясёлкі»: у Мінску ёсць спецыяльныя ўстановы, якія на прафесійным узроўні займаюцца праблемамі хрысціянскага багаслоўя, гісторыяй хрысціянства і рэлігіязнаўства. Запрашаю вас у Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на курсы павышэння кваліфікацыі. Гэта сур’ёзная прапанова. Бо нельга працаваць так непрафесійна! Навошта так няславіць сябе?
Протаіерэй Сергій ГАРДУН, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ
(«Царкоўнае слова», №29, 2018)