Ці не з гэтага пачынаецца шавінізм?

top.jpgНа працягу апошніх трох тыдняў да мяне звярталіся некалькі настаўніц малодшых класаў, якія выпісваюць дзіцячы часопіс «Вясёлка», з просьбай пракаменціраваць матэрыял, апублікаваны у нумарах 4 і 5 на сс. 11-13.

У чацвёртым нумары расказваецца пра выданне Сімяонам Полацкім буквара ў Маскве ў 1679 годзе. I вось што ў гэтым матэрыяле выклікае недаўменне. На с. 12 у вусны Сімяона Полацкага ўкладзены словы, якіх ён, як чалавек сціплы і высокадухоўны, ніяк не мог сказаць пра сябе: «Вітаю! Я знакаміты асветнік-беларус Сімяон Полацкі, які быў настаўнікам царскіх дзяцей, у тым ліку Пятра I». Нашто сціплага і адукаванага манаха ператвараць у ганарлівага і фанабэрыстага кар’ерыста, які хваліцца сваімі дасягненнямі і пасадамі? А што, калі дзеці сапраўды павераць, што іераманах Сімяон мог так адрэкамендаваць сябе? Значыць, гэта добры прыклад для пераймання? Так вучым мы дзяцей сціпласці?

На наступнай старонцы дзецям задаецца пытанне: «Чаму гэты буквар не падабаўся маскоўскім духоўным асобам? Пытанне зададзена па-езуіцку хітра. Пасля такога пытання ў дзяцей не павінна быць ніякага сумнення ў тым, што маскоўскія духоўныя асобы дружна выступілі з асуджэннем гэтага выдання. Тым больш, што гэта так ярка паказана на малюнку! «Жах! — кажуць «маскоўскія духоўныя асобы». — Мы гэты буквар не чыталі і не бласлаўлялі» (Дарэчы, апошняе слова напісана непісьменна, трэба — благаслаўлялі»). А гэта ўжо, прабачце, паклёп на калег Сімяона Полацкага. Ці, можа, зусім нядаўна гісторыкі адкрылі раней невядомыя дакументы, у якіх маскоўскія духоўныя асобы крытыкуюць буквар Сімяона Полацкага? Хацелася б з гэтымі дакументамі пазнаёміцца.

Звяртае на сябе ўвагу і сама выява гэтых самых «маскоўскіх духоўных асоб». Яны намаляваны так, як ніколі ў сапраўднасці не выглядалі. Гэта, канешне, карыкатура, а значыць, абраза ў адрас праваслаўнага духавенства і мільёнаў веруючых. Ці ведаюць журналісты «Вясёлкі», што такія дзеянні забаронены законамі нашай краіны?

Трэба адзначыць, што ў адрозненне ад «маскоўскіх духоўных асоб», выява Сімяона Полацкага зроблена абсалютна карэктна: ён выглядае так, як на ўсім вядомым партрэце.

Дык чаму ж «гэты буквар не падабаўся маскоўскім духоўным асобам?» Аўтары, канешне, разумеюць, што не толькі дзецям, але і дарослым адказаць на гэта пытанне немагчыма. І таму… даюць гатовы адказ: «Яны зайздросцілі, бо менавіта буквар беларуса стаў самым лепшым маскоўскоўскім выданнем для пачатковага навучання грамаце ў свой час». Як груба і прымітыўна ўяуляюць сабе аўтары становішча Сімяона Полацкага ў Маскве і яго ўзаемаадносіны з калегамі!

Сімяон прыбыў у Маскву ў 1664 годзе па запрашэнню маскоўскіх улад. Яго прынялі з усёй адкрытасцю і шчырасцю, далі магчымасць рэалізаваць усе задумы. Ен быў і свяшчэннаслужыцелем (іераманахам), і педагогам (стварыў вучылішча пры Заіконаспаскім манастыры і выкладаў у ім), і паэтам, і прапаведнікам. Свецкая і царкоўныя ўлады даверылі яму самае дарагое: выхаванне царскіх дзяцей. Як можна супрацьпастаўляць Сімяона нейкім маскоўскім духоўным асобам, калі сам ён з 1664 года быў маскоўскай духоўнай асобай? Тое, што ён нарадзіўся не ў Маскве, зусім не было выключнай з’явай. Акрамя Сімяона Полацкага, можна назваць цэлы шэраг выдатных духоўных асоб беларускага або ўкраінскага паходжання, якія працавалі ў той час у Маскоўскай дзяржаве. Адным з іх быў, напрыклад, Епіфаній Славінецкі, ураджэнец Пінска, якога Сімяон лічыў сваім настаўнікам, але разам з тым не згаджаўся з ім па некаторых пытаннях. Яны абодва былі маскоўскімі духоўнымі асобамі, іераманахамі, абодва былі беларускага паходжання, але паміж імі былі пэўныя ідэйныя разыходжанні: Сімяон быў прыхільнікам заходняй лацінскай культуры, а Епіфаній быў «грэкафілам», імкнуўся да збліжэння рускай культуры з усходняй грэчаскай. Паўтаруся: яны абодва былі беларусамі па паходжанню, абодва былі маскоўскімі духоўнымі асобамі, але ў некаторых поглядах разыходзіліся. Пры гэтым кожны з іх меў у Маскве сваіх вучняў і ідэйных паслядоўнікаў.

Узнікае заканамернае пытанне: дзеля чаго аўтары гэтай публікацыі навязваюць дзецям абсалютна неадэкватныя і беспадстаўныя ўяўленні пра тое, што да Сімяона Полацкага ў Маскве ставіліся непрыхільна менавіта таму, што ён беларус? Якія пачуцці і адносіны да брацкага рускага народа фарміруюць аўтары публікацыі ў душах сваіх юных чытачоў? Ці не з гэтага пачынаецца шавінізм?