Протаіерэй Сергій Гардун: Мітрапаліт Іосіф (Сямашка) уз’яднаў дзве раздзеленыя часткі беларускага народа — уніятаў і праваслаўных — у адно цэлае

05 декабря 2018

Portrait_of_the_Uniate_Bishop_Joseph_Semashko.jpg6 снежня 2018 года спаўняецца роўна 150 гадоў з дня канчыны мітрапаліта Літоўскага Іосіфа (Сямашкі), выдатнага царкоўнага дзеяча XIX стагоддзя. Праваслаўныя вернікі заўжды з вялікай пашанай ставіліся да свяціцеля Іосіфа і пры яго жыцці, і пасля смерці. А сярод людзей далёкіх ад Царквы сустракаюцца самыя розныя погляды на асобу свяціцеля Іосіфа і станоўчыя, і абыякавыя, і нават адмоўныя. Часам узнікаюць і спрэчкі, і дыскусіі. З нагоды сённяшняй памятнай даты рэдакцыя афіцыйнага партала Беларускай Праваслаўнай Царквы папрасіла першага прарэктара Інстытута тэалогіі БДУ протаіерэя Сергія Гардуна падзяліцца сваімі думкамі і разважаннямі пра асобу мітрапаліта Іосіфа і адказаць на некаторыя вострыя пытанні.

Аб’яўленне гэтага года годам мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) у Беларускім Экзархаце сведчыць пра важнасць асобы і дзейнасці мітрапаліта Іосіфа. Чаму прыцягненне ўвагі да постаці мітрапаліта Іосіфа актуальна менавіта сёння? Айцец Сергій, на што Беларуская Праваслаўная Царква асабліва хацела звярнуць увагу гэтым крокам?

Самая непасрэдная прычына таго, што 2018 год аб’яўлены ў Беларускай Праваслаўнай Царкве годам мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), у тым заключаецца, што ў гэтым годзе 6 снежня спаўняецца роўна 150 гадоў з дня канчыны гэтай выдатнай асобы. Ён памёр 23 лістапада 1868 года, 23 лістапада паводле юліянскага календара, што адпавядае даце 6 снежня паводле новага стылю. Гэта была асоба гістарычнага маштабу. Велічная постаць! Нарадзіўшыся і вырасшы ў традыцыйнай уніяцкай сям’і, атрымаўшы ўніяцкае выхаванне і найвышэйшы на той час узровень адукацыі, ён асабіста спасцігнуў і перажыў трагедыю ўніяцтва як адарванасць ад Праваслаўя і змог не толькі сам у сваім асабістым жыцці пераадолець гэтую трагедыю, але разам з сабою ён вярнуў ва ўлонне Праваслаўнай Царквы больш як паўтара мільёны ўніятаў. Гэта, безумоўна, подзвіг.

Такіх асоб трэба памятаць. Святы апостал Павел заклікае ўсіх нас: «Памятайце настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам слова Божае, і, гледзячы на завяршэнне іх жыццёвага шляху, пераймайце веру іх» (Яўр. 13:7). Трэба сказаць, што сучаснікі мітрапаліта Іосіфа вельмі цанілі і шанавалі яго. Праз год пасля яго канчыны ў Свяцейшы Сінод звярнуліся некалькі архіерэяў з прапановай, каб Сінод благаславіў штогод у дзень канчыны свяціцеля Іосіфа адзначаць яго памяць заупакойнай службай. На пачатку 1870 года такая пастанова была прынята Свяцейшым Сінодам, і з гэтага года да самога бальшавіцкага перавароту ва ўсіх храмах Беларусі, Літвы і Валыні штогод 23 лістапада памяць мітрапаліта Іосіфа ўшаноўвалася памінальнай службай. У нашы дні гэтая традыцыя аднаўляецца. Спадзяюся, што памятныя даты гэтага года і наступнага года паспрыяюць замацаванню гэтай традыцыі. Пра 150-годдзе з дня канчыны, якое мы будзем адзначаць 6 снежня гэтага года, я ўжо казаў. А ў наступным 2019 годзе ў дзень Ражджаства Хрыстова спаўняецца роўна 220 гадоў з дня нараджэння свяціцеля Іосіфа: ён нарадзіўся 25 снежня 1798 года паводле старога стылю, што зараз адпавядае даце 7 студзеня паводле грыгарыянскага календара, так што будзе роўна 220 гадоў праз месяц. І яшчэ адна круглая дата — у лютым наступнага года споўніцца 180 гадоў з дня Полацкага ўніяцкага сабора, які прыняў гістарычнае рашэнне вярнуцца ў Праваслаўе. Вось гэтыя даты і звяртаюць нашу ўвагу на велічную асобу мітрапаліта Іосіфа, які ўз’яднаў дзве раздзеленыя часткі беларускага народа — уніятаў і праваслаўных — у адно цэлае.

Мы натрапілі на меркаванне, што скасаванне ўніі было «знішчэннем Беларускай Царквы». Так, адзін з аўтараў «Радыё Свабода» ў артыкуле «Кананізацыя Сямашкі. Скон народу...» піша: «У 1839 годзе ЎПЕРШЫНЮ ў гісторыі датуль больш за 500 гадоў самастойную беларускую мітраполію, якая ў розныя гістарычныя пэрыяды бывала то уніяцкаю, то праваслаўнаю, то зноў уніяцкаю, далучылі да расейскай царквы, да Масквы. Гэта значыць, саму беларускую царкву ўпершыню тады далучылі да расейскай. У 1839 годзе наша царква, якая да таго, паўтараю, бывала то праваслаўнаю, то ўніяцкаю, перастала існаваць» (арфаграфія аўтарская). Як Вы пракаменціруеце гэтыя словы? Ці мае рацыю аўтар?

Гэтыя словы невядомага мне аўтара — адна дэмагогія і больш нічога, таму каменціраваць іх цяжка, але, відаць, трэба. Паспрабую ўказаць на самыя відавочныя недарэчнасці.

Першае. Аўтар гаворыць пра «беларускую мітраполію». Ні ў даўніяцкі перыяд, ні ў перыяд уніі такой мітраполіі ніколі не было. Мітраполія называлася Кіеўскай. Тытул мітрапаліта быў такі: «Кіеўскі і ўсяе Русі». Праўда, мітрапаліты Кіеўскія на працягу цэлых стагоддзяў пражывалі ў Навагарадку (сучасная назва — Навагрудак), а сваёй сталіцай лічылі Вільню, сталіцу Вялікага княства Літоўскага, таму ў гістарычнай літаратуры гэтая мітраполія часта называецца Літоўскай. Але яна ўключала ў сябе вельмі вялікія абшары, а іменна: епархіі Галіцкую, Пярэмышльскую, Холмскую, Луцкую, Уладзіміра-Валынскую, Чарнігаўскую, Смаленскую, Полацкую і Тураўскую. Тэрытарыяльна тут больш украінскіх зямель, чым беларускіх, таму называць яе беларускай, на мой погляд, не зусім правільна.

Другое. Гэтая мітраполія ні ў якім разе не была самастойнай. Яна была ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярха. Самога мітрапаліта пасвячалі ў Канстанцінопалі. Прычым на працягу амаль чатырох стагоддзяў на Кіеўскую мітраполію пасвячалі не мясцовых архіерэяў, а грэкаў. Мітрапаліт падтрымліваў пастаянныя дзелавыя кантакты з патрыярхам, вёў перапіску. Часам для рашэння важных спраў патрыярх запрашаў мітрапаліта ў Канстанцінопаль на царкоўны сабор. Напрыклад, у 1329 годзе мітрапаліт Феафіл прымаў удзел у адным з такіх сабораў. Хачу асабліва звярнуць увагу на наведванне Канстанцінопальскім патрыярхам Іераміям ІІ Кіеўскай мітраполіі ў 1588 і 1589 гадах. Будучы ў Вільні ў 1588 годзе, ён зацвердзіў статут Свята-Троіцкага брацтва, даў благаславенне на дзейнасць брацкай школы і друкарні. У наступным 1589 годзе ён звольніў з пасады мітрапаліта Анісіфора (Дзевачку) і на яго месца пасвяціў Міхаіла (Рагозу). Адначасова епіскапа Луцкага Кірыла (Цярлецкага) патрыярх прызначыў сваім экзархам, а Уладзімірскага епіскапа Мялеція (Храбтовіча) прызначыў протатроніем. У Львове патрыярх падтрымаў мясцовае праваслаўнае брацтва і абараніў яго ад незаконных дамаганняў епіскапа Гедэона (Балабана). Гэтыя факты — агульнавядомыя. Іх можна знайсці ў любым даследаванні па гісторыі Царквы гэтага перыяду. Пра што яны сведчаць? Пра самастойнасць «беларускай мітраполіі»? Ні ў якім разе!

Калі частка праваслаўных перайшла ў унію, стала дзве мітраполіі: праваслаўная і ўніяцкая. Праваслаўная мітраполія па-ранейшаму была ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярха, а ўніяцкая, як усім вядома, — у юрысдыкцыі папы Рымскага. Ва ўніяцкай мітраполіі кантроль царкоўнага жыцця з боку папскай улады быў яшчэ большы. На гэта ўказвае інтэнсіўнасць дзелавой перапіскі паміж уніяцкімі мітрапалітамі і Рымам, дзейнасць папскіх нунцыяў і рашэнні ўніяцкіх сабораў, якія выконвалі ўказанні з Рыма. Сталі ўводзіцца лацінскія элементы ў богаслужэнні, з’явіліся нават новыя святы (напрыклад, Божага Цела). У 1747 годзе усім уніяцкім свяшчэннікам загадалі збрыць бараду, каб яны выглядалі, як ксяндзы. Як жа можна гаварыць пра самастойнасць уніяцкай мітраполіі?

Яшчэ некалькі слоў пра тое, што ў 1839 годзе гэтую мітраполію ўпершыню далучылі да расейскай Царквы. Не, не ўпершыню! Ад самага пачатку свайго ўзнікнення, ад Хрышчэння Русі, Праваслаўная Царква на тэрыторыі цяперашніх Украіны, Беларусі і Расіі была адзінай. Кіеў і Львоў, Полацк і Тураў, Ноўгарад і Масква належалі да 1458 года да адной Царквы. Апошнім маскоўскім мітрапалітам, які кіраваў абедзьвума часткамі Рускай мітраполіі, быў мітрапаліт Іона.

Так што ў 1839 годзе беларускую Царкву не ўпершыню далучылі да расійскай. Гэта было адно цэлае з Х па XV стагоддзі. Потым было адасобленнае існаванне. Але ўжо ў 1686 годзе праваслаўная Кіеўская мітраполія перайшла з Канстанцінопальскай юрысдыкцыі ў Маскоўскую. А ў 1833 годзе адбылося ўз’яднанне беларускіх уніятаў са сваёй роднай Царквой — адзінай Праваслаўнай Царквой на вялікіх абшарах Украіны, Беларусі і Расіі. Так што, па-першае, 1839 год — гэта ўз’яднанне дзвюх частак аднаго беларускага народа, які быў дагэтуль падзелены на ўніятаў і праваслаўных, па-другое, гэта ўз’яднанне беларусаў-уніятаў са сваёй гістарычнай Царквой — Рускай Праваслаўнай.

Факты сведчаць, што Полацкі сабор рыхтаваўся ўніяцкай іерархіяй, у тым ліку і будучым мітрапалітам Іосіфам, у каардынацыі з дзяржаўнымі органамі, на гэтай падставе пэўная частка беларускага грамадства лічыць скасаванне уніі грубым гвалтоўным умяшальніцтвам імперскай машыны ў царкоўныя справы выключна з палітычнымі мэтамі. Ці патрэбна Царкве ўхваляць дзейнасць чалавека, які садзейнічаў дзяржаўным органам у вырашэнні іх палітычных задач?

Тое, што Полацкі ўніяцкі сабор рыхтаваўся ўніяцкай іерархіяй у каардынацыі з дзяржаўнымі органамі, не выклікае пярэчання. Пра гэта пішуць не толькі каталіцкія гісторыкі, але і праваслаўныя. Прычым усе. Так што гэта бясспрэчна. Але тут важна паставіць прынцыповае пытанне: чыя гэта была ініцыятыва? чыё жаданне? Было гэта жаданне дзяржаўнай улады, якая ціснула на ўніяцкую іерархію і на духавенства ці было гэта жаданне самой уніяцкай іерархіі і духавенства, якое супадала з інтарэсамі дзяржавы? Пытанне складанае. Каб на яго адказаць, трэба параўнаць становішча ўніяцкай царквы ў Расійскай імперыі з папярэднім яе становішчам у Рэчы Паспалітай. У Рэчы Паспалітай на працягу ўсёй яе гісторыі ўніяцкая царква не была самастойнай і не была свабоднай. Яна была пад пастаянным прэсінгам з боку каталіцтва. Чаму? Таму што ад самага пачатку унія была задумана як мост для пераходу з Праваслаўя ў каталіцтва. І таму на ўніятаў пастаянна ціснулі, каб яны, стаўшы на гэты мост, ішлі па ім далей: або адразу пераходзілі ў лацінскае каталіцтва, або паступова змянялі ўсходняе богаслужэнне, уводзілі ў яго ўсё новыя і новыя лацінскія элементы. Гэты працэс вучонымі называецца лацінізацыяй уніі. Уніяцкае духавенства супраціўлялася гэтаму. Дарэчы, па прычыне лацінізацыі уніі многія ўніяты кідалі ўніяцтва і вярталіся ў Праваслаўе. Уніяцкі Полацкі архіепіскап Іраклій Лісоўскі пісаў у сваім пісьме ў Рым 22 снежня 1786 года, што пасля Замойскага сабора 1720 года, які ўвёў у богаслужэнне шмат каталіцкіх элементаў, значная частка ўкраінскіх уніятаў перайшла ў Праваслаўе, а некалькі гадоў таму больш як 300 уніяцкіх прыходаў зрабілі тое самае. Нягледзячы на гэта, працэс лацінізацыі ўніятаў і схілення іх да пераходу ў лацінства працягваўся. Вось чаму вялікая частка ўніяцкага духавенства і народа перайшла ў Праваслаўе пасля другога і трэцяга раздзелаў Польшчы: з жніўня 1794 года па сакавік 1795 года перайшлі ў Праваслаўе 1.552 уніяцкія свяшчэннікі і 1.483.111 прыхаджан. Астатнія засталіся ва ўніяцтве і працягвалі супрацьстаяць лацінізацыі сваёй царквы і спробам пераводу ўніятаў у каталіцтва. Але ціск на ўніятаў з боку католікаў працягваўся і ў Расійскай імперыі. На пачатку XIX стагоддзя, напрыклад, 20 тысяч уніятаў Віленскай епархіі былі пераведзены ў лацінства. Уніяцкае духавенства, абараняючыся ад католікаў, шукала падтрымкі дзяржаўнай улады. І дзяржаўная ўлада Расійскай імперыі абараняла ўніятаў. Напрыклад, 9 кастрычніка 1827 года быў выдадзены ўказ, які забавязваў не прымаць у базыльянскі ордэн тых, хто не ведаў царкоўнаславянскай мовы і богаслужэння Усходняй Царквы. У выніку такога прыхільнага стаўлення расійскага ўраду да ўніяцтва сярод яго з’явілася імкненне вярнуцца ў Праваслаўе. Логіка была такая. Мы, уніяты, з’яўляемся Усходняй царквой. Лаціняне нас хочуць знішчыць. Расійскі ўрад нас абараняе. Каб захаваць усходняе хрысціянства, вернемся назад туды, адкуль выйшлі нашы продкі — у Праваслаўе. Галоўным выразнікам гэтай ідэі і быў уніяцкі епіскап Іосіф (Сямашка) разам са сваімі паплечнікамі. Ён і падаў у лістападзе 1827 года сваю запіску пра ўніяцкую Царкву, у якой ясна выказаў свае намеры: наблізіць уніятаў да Праваслаўя, а калі атрымаецца, то і прывесці іх ва ўлонне Праваслаўнай Царквы. Урад згадзіўся дапамагаць у гэтым епіскапу Іосіфу і яго аднадумцам. Так што тут ініцыятыва ішла ад саміх уніятаў, а не ад ураду.

Дык вось, глыбіннай прычынай самаліквідацыі ўніяцтва ў 1839 годзе было неспрыяльнае, а нават варожае стаўленне да яе з боку католікаў. Для большай перакананасці прывяду меркаванне вядомага польскага каталіцкага даследчыка ўніяцтва — біскупа Эдварда Лікоўскага (1836-1915). Гэты аўтэрытэтны каталіцкі іерарх, ганаровы доктар Ягелонскага ўніверсітэта, які ў 1914-1915 гадах узначальваў Каталіцкую царкву ў Польшчы, у сваёй манаграфіі «Брэсцкая унія« пісаў:«Wielka część winy, że Unia od razu w kraju tak się nie przyjęła, jak przyjąć się była mogła i powinna, spada także na całe ówczesne społeczeństwo polskie, nie rozumiejące doniosłości i znaczenia jej i dlatego nietylko moralnie jej nie popierające, ale okazujące jej przez długi czas otwartą niechęć i nieprzyjazne usposobienie»[1]. (“Вялікая частка віны за тое, што Унія ў краіне не была прынята так, як магла і павінна быць прынятай, падае таксама на ўсё тагачаснае польскае грамадства, якое не разумела важнасці і значэння яе і таму не толькі маральна яе не падтрымлівала, але на працягу доўгага часу ставілася да яе з адкрытай непрыхільнасцю і непрыязнасцю”).

Многія лічаць, што скасаванне уніі нанесла непапрапраўныя страты беларускай культуры. Нейкі Яўген Калубовіч у кнізе «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства» піша: «...найбольш пацярпела пісьменства ў нацыянальнай беларускай мове — дакумэнты беларускай гісторыі й кнігі вуніяцкай (дакладней — былой праваслаўнай і вуніяцкай) літаратуры XVII-XVIII стст. Шмат іх было спалена ў агні... У 1832 г., на загад зь Пецярбургу, пачалася акцыя адбіраньня старых вуніяцкіх служэбнікаў і іншых кніжок і замены іх на расейскія праваслаўныя кнігі. 3 цэркваў і манастыроў цэлае Беларусі ў Полацкую духоўную кансысторыю звозіліся для паленьня выданьні беларускіх вуніяцкіх друкарняў. У дадатках да тых кніг у беларускай мове друкаваліся арыгінальныя навукова-тэалягічныя й мастацкія, галоўна вершаваныя, творы беларускай літаратуры: усе яны, за рэдкім выключэньнем, беззваротна загінулі ў агні, разам з багаслужбовымі кнігамі. Вуніяцкія сьвятары спрабавалі ратаваць іх: ведамы выпадак, калі 2 красавіка 1834 году ў Наваградку на рукі яп. Язэпа (Сямашкі) 56 сьвятароў злажылі пратэст, але, на загад цара, усе былі пакараныя за гэта годам манастырскай турмы». Ці меў месца факт знішчэння літатратуры «ў нацыянальнай беларускай мове» пасля ліквідацыі уніі, калі так, то на што ён быў накіраваны?

Беларуская культура ў цэлым і беларуская мова ў прыватнасці панеслі вялікія страты не пры касаванні уніі, а ў выніку яе ўвядзення. Агульнавядома, што старабеларуская мова, якая ўжывалася ва ўсіх грамадскіх сферах да Брэсцкай уніі, у перыяд уніяцкі ўсё больш выцяснялася з ужытку і нарэшце ў 1696 годзе была афіцыйна забаронена ў Рэчы Паспалітай. Гэта быў той час, калі панавала ўніяцтва, а не Праваслаўе. І наадварот, адразу пасля далучэння ўніятаў да Праваслаўя ад свяшчэннікаў сталі патрабаваць, каб яны прапаведавалі не на польскай мове, а на мясцовай — беларускай. Архіепіскап Іосіф (Сямашка) разаслаў па ўсіх цэрквах адпаведны указ у 1840 годзе. Што датычыць кніг і дакументаў на беларускай мове, то яны з’яўляліся ў Рэчы Паспалітай да той пары, пакуль не было забароны на ўжыванне беларускай мовы. Пазней гэтыя важныя гістарычныя дакументы на старабеларускай мове сабралі і выдалі не ўніяты, а зрабіў гэта праваслаўны протаіерэй Іаан Грыгаровіч, які ў 1824 годзе выдаў першы беларускі археаграфічны зборнік — «Беларускі архіў старажытных грамат». І новая беларуская мова сфарміравалася пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай, калі акт 1696 года аб яе забароне страціў юрыдычную сілу, таму што беларускія землі апынуліся ўжо ў Расіі, дзе забароны на беларускую мову ніколі не было.

Цяпер што датычыць палення ўніяцкіх кніг. Спачатку ўдакладню некаторыя моманты, бо Яўген Калубовіч блытае даты. У 1832 годзе ніякага адбірання ўніяцкіх кніг не было. Гэта было пазней. І было вось як. Мы ўжо гаварылі пра тое, што ва ўніяцтве была моцная плынь сярод духавенства, якая імкнулася ачысціць уніяцкае богаслужэнне ад лацінскіх новаўвядзенняў і вярнуць яго ў першапачатковы стан. Дык вось, у сувязі з такім імкненнем Грэка-ўніяцкая калегія на сваім пасяджэнні 7 лютага 1834 года пад старшынствам мітрапаліта Іасафата Булгака прыняла пастанову не друкаваць новых служэбнікаў (а праблема ўзнікла таму, што старыя служэбнікі ўжо знасіліся і былі непрыдатнымі для ўжытку), а раздаць гатовыя праваслаўныя служэбнікі «для руководства», г. зн. каб на іх арыентаваліся свяшчэннікі ў паслядоўнасці богаслужэння. Пры гэтым уніяцкія кнігі не адбіраліся. І што яшчэ важна, пры карыстанні праваслаўнымі служэбнікамі свяшчэннікі паміналі не Свяцейшы Сінод і не праваслаўнага архіерэя, як было ўказана ў праваслаўным служэбніку, а паміналі папу Рымскага і свайго ўніяцкага архіерэя, а Сімвал веры ўжывалі з «Filioque».

Замена ўніяцкіх кніг праваслаўнымі, калі іх сапраўды забіралі і палілі, была пазней, ужо пасля Полацкага сабора, у саракавыя гады. І палілі іх таму, што яны былі проста непатрэбнымі, а было іх многа, бо ў кожным храме і манастыры быў, канешне, камплект неабходных кніг, а часам і не адзін. На той час гэта не былі старажытныя кнігі, да якіх трэба было б ставіцца як да старадрукаў, бо ўніяты мянялі богаслужэбныя кнігі, уводзілі ў іх лацінскія элементы, гэта былі выданні другой паловы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. Канешне, на цяперашні час гэта ужо старадрукі. Цяпер рэдка можна сустрэць і праваслаўныя выданні першай паловы ХІХ стагоддзя, якія тады рассылаліся па храмах замест уніяцкіх кніг. Але я асабліва хацеў бы падкрэсліць, што паліліся пазнейшыя выданні, а старажытныя кнігі, наадварот, перадаваліся ў бібліятэкі і музеі. Каб гэта стала для ўсіх відавочна, я прывяду канкрэтны прыклад. Давайце ўспомнім, якая на сённяшні дзень вядомая самая старажытная кніга, напісаная ў Беларусі. Гэта Тураўскае Евангелле — помнік ХІ стагоддзя. Яно было знойдзена ў 1865 годзе, г. зн. ужо пасля гэтай кампаніі замены ўніяцкіх кніг на праваслаўныя. Выпадкова знойдзена? Не. Апякун Віленскай навучальнай акругі Іван Карнілаў і віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў (якія, дарэчы, былі ініцыятарамі стварэння ў Вільні публічнай бібліятэкі) накіроўвалі ў розныя куткі Беларусі адмысловыя археаграфічныя экспедыцыі для пошуку старажытных помнікаў пісьменства. У выніку працы адной з такіх экспедыцый і было знойдзена ў Тураве ў 1865 годзе Евангелле ХІ стагоддзя. І не толькі яно адно. Тая самая экспедыцыя знайшла ў Тураве таксама Евангелле пачатку XV ст., Святочную Мінею XVI ст., урывак з твораў Рыгора Сінаіта XVI ст., Пролаг XVI ст., Мінею Чэццю XVI ст., а таксама ўніяцкі Служэбнік з Трэбнікам XVIІ ст. і зборнік XVIІ ст. апавядальнага зместу. Гэта вынікі пошукаў толькі адной экспедыцыі! І яна сведчыць пра тое, што ў выніку кампаніі замены ўніяцкіх кніг на праваслаўныя не старажытныя кнігі адбіраліся, а толькі пазнейшыя, тыя, па якіх служылі ў ХІХ стагоддзі. Гэта падобна таму, як у мае школьныя гады мы, вучні, перайшоўшы з аднаго класа ў другі, здавалі ў макулатуру мінулагоднія падручнікі, не думаючы пра тое, што, напэўна, праз гадоў 200-300 яны стануць бібліяграфічнай рэдкасцю.

І яшчэ хачу падкрэсліць: гэтыя кнігі XVIІІ-ХІХ стагоддзяў, якія палілі, не загінулі ўсе. Вялікая частка тыража загінула, але выданні гэтыя ў прынцыпе засталіся. Іх можна і сёння знайсці ў музеях і буйных бібліятэках. Яны даступны для вывучэння спецыялістамі. І таму гэта не страта для беларускай культуры. І асаблівай культурнай цэннасці ў іх няма. Я сам гэтыя кнігі бачыў і аналізаваў. І калі б якая-небудзь з іх уяўляла сабою сапраўдную каштоўнасць, то яе б сёння можна было перавыдаць факсімільным спосабам так, як перавыдалі Тураўскае Евангелле, Слуцкае Евангелле, жыціе прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Але я ўпэўнены, што цяперашнія прыхільнікі уніі будуць супраць перавыдання гэтых кніг, бо ім стане сорамна за іх змест. Прывяду два прыклады з адной такой кнігі. У 1722 годзе ўніятамі была выдадзена кніга пад назвай «Собрание припадков, духовным особам потребное, имущее в себе науку о сакраментах, о десяти Божиих приказаниях, о приказаниях церковных». Гэтая кніга вядома таксама пад назвай «Падежи совести и Катехизм», якую ёй даў уніяцкі мітрапаліт Лявон Кішка. Кніга складзена ў форме пытанняў і адказаў. Вось невялічкі фрагмент:

Пытанне: Чи есть потребный до спасения сакрамент (таінства) Евхаристии?

Адказ: Не есть потребный, бо без него может человек спасен быти; есть, однак, потребный для (з прычыны) приказания (запаведзі) Божия. Бо Сам Христос о нем глаголет: «Ядый Мою Плоть и пияй Мою Кровь имать живот вечный, и Аз воскрешу его в последний день».

Здавалася б, гэтая евангельская цытата, якая тут прыводзіцца, ясна сцвярджае неабходнасць прычашчэння для спасення, але аўтар гэтага не разумее. Ці можа і цяпер уніяты лічаць, што прычашчэнне не патрэбна для спасення? А ёсць жа і такія словы Хрыста: «Калі не будзеце есці Плоці Сына Чалавечага і піць Крыві Яго, то не будзеце мець жыцця ў сабе» (Ін. 6:53).

І яшчэ адзін прыклад з той жа кнігі абрадавага характару:

Пытанне: Чи может ся вливати (ці можа ўлівацца) вода теплая по «вонмем, Святая святым»?

Адказ: Старовечная есть церемония, абы иерей вливал трохе (трохі) воды теплыя до килиха (у чашу) … Але же (але паколькі)… горшатся (спакушаюцца) Римляне (рымскія католікі), может тую церемонию иерей опустити.

Гэты адказ паказвае, як богаслужэнне Усходняй Царквы скажалася ўніятамі пад уплывам рыма-католікаў.

Добра было б, каб уніяты перавыдалі гэты свой помнік першай паловы XVIІІ стагоддзя! А заадно і Служэбнікі, і Трэбнікі гэтага перыяду.

З тэалагічнага ўніяцкага твора я прывёў два прыклады, па якіх можна ацаніць узровень уніяцкага багаслоўя. А вось два іншыя прыклады: вершаваныя творы з уніяцкага Евангелля 1780 года. Вось верш, прысвечаны евангелісту Марку:

О, святый Марко,

Коль ти сердце жарко

По Христе Бозе

В страдании мнозе,

В проповедь слова

Завета Егова

Труд положившу,

Тем мир просветившу.

І вось яшчэ адзін верш, гэты — пра святога евангеліста Луку:

Лука-врач, внешних скорбей быв искусен

И святых икон писатель негнусен,

Скорбей душевных лучший врач явися;

Чтущ сего книги духовно целися.

Заўважце, што гэтыя абодва вершы, як і іншыя два, што ёсць у гэтым выданні — на царкоўнаславянскай мове.

Як мы ўзгадвалі вьшэй, некаторыя аўтары даводзяць, што ліквідацыя уніі была гвалтам над беларускім народам. Вядома, што ўніяты складалі самую вялікую канфесійную групу на тэрыторыі Беларусі. Чаму не было масавага ўзброенага выступлення 1,6 млн уніятаў супраць уз'яднання з Праваслаўем ні адразу пасля Полацкага сабора, ні пасля, напрыклад, падчас паўстання 1863 года, калі адміністрацыйны і ваенны кантроль імперыі знаходзіўся ў хісткім становішчы? Бо тады, напэўна б урад  пайшоў на саступкі дзеля захавання сваёй улады? Ці назіраліся масавыя выпадкі адыходу ад Праваслаўя ўз’яднаных і добраахвотнага вяртання ў унію?

Масавага ўзброенага выступлення уніятаў не было менавіта па той прычыне, што ўз’яднанне іх з Праваслаўнаю Царквою было дзеяннем не раптоўным, а добра падрыхтаваным епіскапам Іосіфам (Сямашкам) і яго памочнікамі, якія і ўзначалілі гэты працэс. У час паўстання 1863 года яго псеўдагерой Кастусь Каліноўскі ў сваіх лістоўках пад назвай «Мужыцкая праўда» заклікаў праваслаўных беларусаў пакідаць Праваслаўе і ісці ва ўніяцтва, але ніхто з учарашніх уніятаў, ні з духавенства, ні з прыхаджан, не адгукнуўся на гэтыя заклікі. І гэта нягледзячы на тое, што значная колькасць рыма-каталіцкага духавенства паўстанне падтрымала, некаторыя ксяндзы і каталіцкія манахі актыўна ў ім удзельнічалі, за што пазней былі пакараныя. Пра што гэта сведчыць? Пра тое, што нядаўнія ўніяты добра памяталі, як католікі да іх ставіліся, яны памяталі варожасць да сябе з боку католікаў і таму не падтрымалі іхняга польскага паўстання. Пра тое, што ўз’яднанне з Праваслаўем беларускіх уніятаў на чале з Іосіфам (Сямашкам) было іх уласным жыццёвым выбарам, а не гвалтам над імі, сведчаць і падзеі 20-30-х гадоў у Заходняй Беларусі, якая была ў складзе Польшчы. Там рабіліся спробы аднавіць унію, але поспеху яны не мелі: народ, нягледзячы на антыправаслаўную палітыку польскага ўраду, у унію не пайшоў. І цяпер, у апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі вядзецца актыўная ўніяцкая прапаганда, але ўніяты ў Беларусі з’яўляюцца ўсяго толькі маргіналамі.

Вечная памяць мітрапаліту Іосіфу (Сямашку)!

[1] Likowski Edward, Ks. Unia Brzeska (r. 1596), Warszawa: wydanie drugie, 1907 — s. 6.

Church.by

События

архив

ПнВтСрЧтПтСбВс
26 27 28 29 30 1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31 1 2 3 4 5 6