Моладзевае брацтва ў гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі здзейсніла паход з выхаванцамі мінскага дзіцячага дома №5

29 июня 2018

top.jpgМінскае моладзевае брацтва ў гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі здзейсніла традыцыйны штогадовы двухдзённы паход з выхаванцамі мінскага дзіцячага дома №5. У гэтым годзе падарожнікі вырашылі наведаць Свята-Увядзенскі жаночы стаўрапігіяльны манастыр, што знаходзіцца ў в. Багушы Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.

Дадзены манастыр планаваўся як скіт, таму ён па сённяшні дзень з'яўляецца закрытым - трапіць туды можна толькі падчас набажэнства. Атрымаўшы благаславенне ад ігуменні манастыра, братчыкі пачалі рыхтаваць паход.

Дарэчы, апошнія гады стала традыцыяй, што ў паход з братчыкаў ідуць тры чалавекі, якія ў розныя часы займалі пасаду старшыні брацтва: Іван Ананчыкаў, Павел Вабішчэвіч і Аляксандр Пяткевіч. Разам з благаславеннем размясціць лагер побач з манастыром, удзельнікі паходу атрымалі дазвол дапамагчы сёстрам ў нарыхтоўцы дроў на зіму. Але ж адразу прыйшлося сутыкнуцца з наступнай цяжкасцю: месца манастыра вельмі добрае для пражывання манахінь ды малітвы - наўкол лес, палі, глухая вёска, але ж не вельмі зручнае для наведвання паломнікаў - бліжэйшая чыгуначная станцыя знаходзіцца за 15 км, аўтобус непадалёку праходзіць толькі некалькі разоў у дзень. Але гэтыя абставіны не стрымалі паломнікаў, і ўжо а 8-й раніцы 23 чэрвеня маленькія падарожнікі на чале з трыма братчыкамі рушылі наперад.

Даехаўшы да чыгуначнага вакзала, яны селі на электрычку ў бок Маладзечна. Ехаць было даволі весела, таму што, як заўсёды, хлопцаў бадзёрылі спевы пад акапанемент баяна з гітарай. Неўзабаве група прыбыла на станцыю Маладзечна, дзе іх чакала першая прыгода: дызеля ў бок Смаргоні, на які спяшаліся ўдзельнікі паходу, у раскладзе не было (як высветлілася, ён ходзіць толькі па працоўных днях). Гэтая акалічнасць не збянтэжыда маладых людзей - яны накіраваліся ў мясцовы Парк Перамогі, што знаходзіцца зусім побач з чыгуначным вакзалам. Крышачку пазнаёміўшыся з гісторыяй горада (якую паведаў усім Іван Ананчыкаў), пазахапляўшыся даволі прыгожымі і ўтульнымі мясцінамі парка, падарожнікі заспяшаліся ў бок вакзала. Час у цягніку да Смаргоні праляцеў вельмі хутка, паколькі дзічячы спеў стаў больш бадзёры. Ад Смаргоні вандроўнікі ўзялі курс на Крэва, да якога, калі верыць дарожным знакам, было 18 кіламетраў.

Трэба сказаць, што ў Крэве цяпер жыве адзін з ганаровых братчыкаў - Аляксандр Штукін, які калісьці таксама валанцёрыў у дзіцячым доме №5 у сталіцы, а цяпер займаецца раслінаводствам ды жывёлагадоўляй на перыферыі. Саша з вялікім задавальненнем адгукнуўся на просьбу сваіх сяброў-братчыкаў ды на ўласным аўтамабілі перавёз падарожнікаў да пункта прызначэння. Гэта вельмі паспрыяла таму, што хлопцы паспелі да пачатку дажджу раставіць палаткі, распаліць касцёр, а таксама накалоць дроў, за што сёстры з манастыра былі вельмі ўдзячнымі.

Дождж, які пачаўся неўзабаве пасля размяшчэння лагера, стаў самай адмоўнай рысай усяго паходу, але нават ён не сапсаваў настрой нікому: наадварот, усе мабілізаваліся і вельмі спрытна заняліся неабходнымі справамі - збіралі дровы, распальвалі агонь, рыхтавалі ежу, сушыліся ля кастра. Пасля ўладкавання лагера амаль усе паломнікіі накіраваліся ў манастырскі храм, дзе адбывалася ўсяночнае трыванне.

Спеў манастырскага хору быў такі мілагучны, што нават хіліў стомленых паходнікаў да сну. Некаторым з іх пашчасціла паспавядацца, але, канешне, дзецям вельмі складана яшчэ цалкам вытрымліваць доўгія манастырскія набажэнствы. Пасля набажэнства моладзь накіравалася ў Крэва, каб зайсці ў краму, паглядзець рэшткі мясцовага замка, а таксама завітаць у госці да свайго сябра.

Аляксандр правёў эксурсію па сваёй сядзібе, пазнаёміў са сваім звярынцам, а яшчэ і пазавозіў усіх у лагер. Павячэраўшы, турысты памаліліся ды накіраваліся да сну. Шолах ветру, патрэскванне вогнішча, а таксама стома хуценька прыглушылі дзіцячы гоман і пагрузілі лагер у сон. Аднак начаваць было вельмі нават не камфортна: дождж ішоў не сціхаючы, а часам ператвараўся ў лівень. Тым не менш, асабліва ніхто не скардзіўся, а прачнуўшыся, усе пачалі збірацца, каб паспець на Літургію. Прыйшлі паломнікі ў царкву загадзя, так што нават паслухалі ўсе малітвы перад Літургіяй. Шмат хто з удзельнікаў паходу прычасціўся Святых Хрыстовых Таін.

Пасля богаслужэння турысты паласаваліся гасцінцамі ад манахінь, а таксама паслухалі экскурсію, пасля чаго хуценька рынуліся ў лагер, каб паспець на аўтобус да Смаргоні. Дзякуй Богу, дождж на некаторы час сціх, што дазволіла сабраць рэчы і падсілкавацца перад дарогай. Але ж да прыпынку турысты прыйшлі амаль што наскрозь мокрымі. Тым не меньш, ужо праз паўгадзіны падарожнікі беглі па адной з вуліц Смаргоні, спяваючы «и опять на вокзал, и опять к поездам...» Да вялікай радасці падарожнікаў цягнік са Смаргоні давёз іх да Мінска без перасадкі. На зваротным шляху дзеці зусім распеліся.

Завяршылася чарговая прыгода, хуценька дзеці раз'едуцца: хто пойдзе вучыцца далей, хто паедзе ў Італію, хто ў лагер, але ж ужо ўвечары таго ж дня некаторыя задавалі пытанне «калі наступны паход?».

Хочацца асабліва адзначыць самага малодшага ўдзельніка вандроўкі: дачку ідэйнага натхняльніка брацкіх паходаў Івана Ананчыкава - Танюшу. Ёй усяго 5 гадоў, але яна вытрымала бездакорна ўсе цяжкасці і непрыемнасці дарогі.

Sobor.by / Pravminsk.by 

События

архив

ПнВтСрЧтПтСбВс
28 29 30 31 1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 1